Калі ад тэленавінаў сьнег выпадае ў асадак,

хоць мала хто сумняваўся ў прагнозах на гэты конт;

калі мэтрапалітэн працуе безь перасадак,

а нехта па тэлевізары ратуе ўласны азадак

з экрана ля дому з надпісам HORIZONT;



калі шмат тысяч мабільнікаў разам лічаць гадзіны,

тым болей ад іх на плошчы ніякай іншай карысьці -

стаяць і чакаць свабоды, бо выбар цяпер адзіны,

у велькім і бардза пажондным - хто б там ні трындзеў! - таварыстве;



абуць на тры пары шкарпэтак цяплейшыя боты,

на злосьць халоднай вайне й атмасфэрнаму фронту,

бо выбар цяпер адзіны - стаяць і чакаць свабоды -

ад лесьвіцы ў стылі ампір да самага HORIZONTу.



Андрэй Хадановіч